-Новы 2015 год усцешыў студэнтаў гістарычнага факультэта не толькі святамі і пачаткам сесіі, але і яшчэ адной доўгачаканай падзеяй: адкрыццём студэнцкага інтэрнату №3 на вул. Курчатава, 6 (недалёка ад ст.м. Малінаўка).
Навучэнцы нашага факультэта чакалі вырашэння гэтай справы амаль з лістапада. Дату засялення некалькі раз пераносілі, таксама хадзілі чуткі, нібы будынак будзе здольны прыняць жыльцоў толькі ў сакавіку. Зразумела, гэта вельмі абурала і ўзрушвала тых, хто вельмі чакаў засялення, у т.л. і камісію па засяленні. Але нашыя студэнты не разгубіліся і, аб’яднаўшы свае намаганні, разам з запалам у душах прыйшлі на дапамогу самім сабе.
Як гэта было? Падчас сесіі, 9 студзеня (у некаторых у гэты дзень быў іспыт), група студэнтаў-гістфакаўцаў накіравалася да інтэрната. Хлопцы і дзяўчаты, адшукаўшы адзін аднаго ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”, стварылі бяседу і вырашылі прыйсці на прыборку. Загадзя было вядома, што дапамога і працоўныя рукі лішнімі не будуць, і чым больш, тым лепш (гэтая інфармацыя была ў аб’яве, што гуляла па прасторах Інтэрнэт-сеткі).
Ініцыятыўная група складалася не толькі з будучых жыхароў, але і з іх сяброў, аднагрупнікаў, а таксама мінчан. Зразумела, завяршэнню апошняга этапа рамонта дапамагалі не толькі гістфакаўцы, але і прадстаўнікі іншых факультэтаў. Праца, ў асноўным, заключалася ў тым, што хлопцы даносілі астатнюю мэблю, дзяўчыны прыбіралі памяшканні (падлогу, парэнчы, падваконнікі і г. д.). Адміністрацыя інтэрната выказала падзяку, а памочнікі атрымалі сваеасаблівы падарунак у выглядзе гадзін-адпрацовак.
Калі казаць пра агульную інфармацыю, то ніжэй будуць прадстаўлены некаторыя цікавыя звесткі:
· Інтэрнат БДУ №3 знаходзіўся на рамонце каля трох гадоў.
· У ім будуць пражываць студэнты наступных факультэтаў: гістарычнага, геаграфічнага, гуманітарнага, механіка-матэматычнага, філасофіі і сацыяльных навук, і г. д.
· З нашага факультэта заселена каля 90 навучэнцаў 1-6 курсаў.
А што думаюць наконт свайго новага жылля самі студэнты?
- Вы першы курс, і “тройка” дае, бадай што першы вопыт супольнага пражывання ў інтэрнаце. Якія адчуванні ёсць ад гэтага?
Таццяна Свянцецкая, 1 курс:
- Мне вельмі падабаецца ў інтэрнаце! Добра, што першакурснікаў засялілі разам. Гэта дазваляе хутчэй з’яднацца, пасябраваць. Ніхто ніколі не пакіне цябе галодным ці выспаным. Куды лягчэй рыхтавацца да іспытаў у кампаніі. Рамонт добры, але ў пакоях крыху цеснавата.
Дар’я Ярашэня, 1 курс:
- У інтэрнаце мне падабаецца, але спачатку было сумна, таму што яшчэ на той момант не ўсе засяліліся. Рамонт тут цудоўны, і ёсць усе ўмовы для жыцця студэнтаў!
Дзмітрый Зубакін, 1 курс:
- Першае і самае галоўнае, гэта болей спрыяльная атмасфера, чым на кватэры, на якой я жыў, да таго часу, пакуль не атрымаў месца ў інтэрнаце. Там было не вельмі добра, тут хоць штосьці можна рабіць. Ну, а так, пашанцавала з суседзямі па пакоі і блоку. Хлопцы цікавыя, вясёлыя і без усялякіх фокусаў, можна з імі жыць і вучыцца.
Ілля Панасавец, 1 курс:
- Раней у інтэрнатах не жыў, але кажуць, што гэта весела. Што тычыцца трэцяга інтэрната – то становішча пасля рамонта задавальняе, чакаў горшага. Спадзяюся на добрых суседзяў па пакоі і блоку.
- Вы ўжо не першы год жывяце ў інтэрнатах, ці падабаецца вам інтэрнат №3? Чым ён лепшы за іншыя і ў чым ён ім саступае?
Анастасія Баркоўская, 2 курс:
- Перш за ўсё, “тройка” падабаецца сваёй навізной. Вельмі камфортна жыць у памяшканні, дзе нічога не пагражае зваліцца табе на галаву, не цякуць краны, і не перагараюць лямпачкі кожны дзень. Ну, і такія прыемныя дробязі, як прыгожыя шторы і зручныя крэслы таксама радуюць! Недахопы гэтага інтэрната, на мой погляд, у месцы знаходжання. Ты ўжо не выбяжыш на 5 хвілін у краму, як гэта можна было зрабіць, калі жывеш у інтэрнаце №1. Нармальны магазін, які размешчаны бліжэй за іншыя, гэта “Прастор” на Малінаўцы. Ды і транспартныя зносіны, канешне, не супер. Так, каб даехаць ад вакзала з чамаданам, трэба яшчэ зрабіць перасадку. І яшчэ не зусім зручная рэч – кухня на паверсе (так, разбэсціла нас “капейка”). Спачатку ўсе на кухню трэба прынесці, а потым назад занесці. Калі можна было б усталяваць якія-небудзь шафы для захоўвання посуду /круп пад ключ прама на кухні, гэта было б проста выдатна!Вольга Раманчык, 2 курс:
- Iнтэрнат мне вельмi падабаецца: новая мэбля, вялiкiя i зручныя пакоi, добрыя суседзi. Што бянтэжыць многix жыхароў – гэта адлегласць інтэрната ад гістфаку. Я не лiчу гэта праблемай. На мой погляд, шлях да факультэта на адбiрае шмат часу, паспеваеш цалкам прачнуцца i нават нешта пачытаць у метро. Самое месца знаходжання iнтэрнату – сапраўдная рамантыка, бо навокол прырода! I нават не адчуваеш, што жывеш у Мiнску! Зараз, як я ведаю, у iнтэрнаце пакуль не працуе нiякiх секцый, але гэта таксама не праблема, бо побач, у дзясятым iнтэрнаце, ёсць некалькi cекцый, напрыклад, аэробіка, ушу. Таксама ў дзясятцы ёсць i трэнажорная зала, i нават сталоўка. Таму смела можна казаць, што тут ёсць максімальна зручныя ўмовы для пражывання. Я лічу, што, увогуле, трэці інтэрнат не саступае іншым інтэрнатам БДУ, а з часам тут з'явіцца шмат чаго цiкавага.
Алена Сарока, 3 курс:
- Мне вельмі падабаецца ў інтэрнаце! Тут добрыя ўмовы для жыцця, зручнае размяшчэнне пакояў, маляўнічы выгляд з вакна, адчуваецца студэнцкая атмасфера. Вельмі радая новым знаёмствам, у тым ліку і з суседзямі!
Увядзенне ў эксплуатацыю інтэрната №3 – сапраўднае свята для шматлікіх студэнтаў БДУ. Рэдкалегія “Нікі” віншуе іх з гэтай нагоды і жадае вясёлых гадзін, утульных пакояў і трывалай мэблі!
Ляшук Валерыя.
Здымкі: Вольга Раманчык.-Subscribe by Email
Follow Updates Articles from This Blog via Email



No Comments