miércoles, 1 de abril de 2015

thumbnail

Праз гады аб гістфаку


-Даволі часта здараецца, што знянацку пачынаеш абмяркоўваць свае студэнцкія гады, забягаючы далёка ў будучыню, даваць ім пэўную адзнаку і глядзець на свае перспектывы. Здараецца, што прыходзіш і не да вясёлкавых высноў. У такіх выпадках, бадай, найлепшай лекай можа быць размова з цікавай постацю,  добрая парада і пажаданне якой часта дапамагае паставіць усё на сваё месца, знайсці загубленнае натхненне і ўпэўненна крочыць далей у невядомую будучыню. Тым больш гэта спрацоўвае тады, калі твой  суразмоўца пачынаў ісці шляхам, якім ідзеш ты, быў часткай таго ж самага факультэта і дасягнуў вышынь. Чалавек, аб якім і з якім сёння ідзе размова, не  патрабуе прадстаўлення. Асоба, без якой сучасная беларуская літаратура не ўяўляецца, вядомы гісторык, публіцыст і літаратар, выпускнік  нашага факультэту – Уладзімір Аляксеевіч Арлоў.
-         Працягніце, калі ласка, выраз: “Гістфак – гэта…”
-         Гэта ўсе мае студэнцкія гады, надзейныя сябры, пакутнае разуменне таго, што мы не ведаем нашую родную гісторыю, а таксама цяжкі час, калі ў “беларускім” універсітэце не было нічога беларускага, а гісторыя Беларусі, якую выкладалі тады, выклікала больш комплекс непаўнавартасці, чым гонар за Радзіму.
-         Што вам даў гістфак?
-         Стымул вывучэння роднай гісторыі на многія гады, таксама менавіта на гістфаку я пачаў шукаць і рэалізоўваць сябе як пісьменнік. Каб не гістфак,магчыма, гэтага б і не здарылася.
-         Прыгадайце якую-небудзь цікавую гісторыю з вашага студэнцкага жыцця.
-         Я быў нядрэнным студэнтам, і ў мяне была цудоўная магчымасць атрымаць чырвоны дыплом, каб не адзін недарэчны выпадак, які надоўга застаўся ў маёй памяці. Выпадак здарыўся на іспыце па “навуковым камунізме”. Я з годнасцю адказаў на ўсе пытанні выкладчыка і чакаў з яго боку выдатнай адзнакі. Якім вялікім было маё абурэнне, калі замест чаканага “добра”, ён пачаў выводзіць у залікоўцы “задавальняльна”. На маё заканамернае пытанне – “Чаму?”, ён адказаў, што я выдатна ведаю дысцыпліну, але не веру ў ва ўсё гэта… Так я застаўся без дыплома.
Альбо яшчэ… Беларуская мова, здаралася, часта ставіла мяне ў цікавыя і няёмкія выпадкі. Аднойчы, атрымаўшы стыпендыю, я пайшоў з дзяўчынаю ў вядомы на той час рэстаран, які называўся “Папараць-кветка”. Я папрасіў афіцыянта прынесці нам кавы, і той павярнуўся праз некалькі хвілін з бутэлькай добрага каньяка “KV”. Стварылася няёмкая сітуацыя, і я быў вымушаны прыняць заказ. На гэты незабывальны паход у рэстаран я патраціў большую частку стыпендыі.
-         Для якіх людзей створаны гістарычны факультэт, які чалавек будзе адчуваць сябе добра на ім?
-         Мая маці ў свой час выкладала гісторыю. Тады гэта было вельмі небяспечна, бо выпадкі абвінавачвання гісторыкаў як ворагаў народа не былі рэдкасцю. Зараз часы іншыя. Але гісторыя гэта ўсё тая ж небяспечная навука і застанецца ёю; таму чалавек, які паступае на гістфак, павінен усведамляць, што, калі ён будзе выкладаць гісторыю, то будзе ўвесь час сустракацца з забаронамі і непаразуменнем. Заўсёды будуць спробы ператварыць гісторыю ў палітыку, якая павернута ў мінулае.
-         Якім трэба ісці шляхам пасля заканчэння гістфака, каб прыйсці да поспеху ?
-         Пасля сканчэння гістарычнага мне таксама давялося працаваць настаўнікам. Пасля я абраў сваё вялікае захапленне і пачаў працаваць  са словам у газеце. Калі чалавек працуе з гісторыяй, ён заўсёды можа павярнуць гэта на сваю карысць і рэалізаваць сябе там, дзе ён хоча.
-         Як, на ваш погляд, варта правесці студэнцкія гады?
-         Мне прыемна ўзгадваць студэнцкія гады  з удзячнасцю перад усімі, з кім я быў знаёмы. Але я адчуваю і горыч ад таго, што шмат часу губляў на рэчы, на якія час было губляць не варта. Я хадзіў на непатрэбныя лекцыі, ад якіх было сапраўды мала плёну, а таксама быў вельмі заўзятым гульцом у карты і мог гуляць з сябрамі цэлую ноч. Але я не лічу, што калі  ў мяне была б такая магчымасць нешта змяніць я  захацеў гэтага… Не. У гэтым пытанні мне падаецца вельмі слушным твор Рэя Брэдберы “Матылёк”. Студэнцтва трэба правесці так, каб не шкадаваць.


Уладзіслаў Шур-

Subscribe by Email

Follow Updates Articles from This Blog via Email

Esto es para ti

No te lo pierdas